Вы здесь

У Горацкім ЗАГСе адбылася рэгістрацыя шлюбу з беларускiм каларытам

Якая мілагучная наша мова! На жаль, чуеш яе вельмі рэдка. І тым больш прыемнай стала вестка, што ў канцы чэрвеня ў Горацкім ЗАГСе адбылася рэгістрацыя шлюбу менавіта на ёй. З беларускім каларытам ажаніліся Анастасія і Андрэй Сцефаненкі.

Начальнік раённага аддзела ЗАГС Наталля Мелехава распавяла, што кожная пара, калі падае заяву, выбірае мову, на якой будзе праходзіць рэгістрацыя шлюбу.

Насця родам з горада Добруша, што на Гомельшчыне, а Андрэй — з Клімавіч. Пазнаёміліся ў Горках у 2011 годзе, калі абодва паступілі ў БДСГА на факультэт бізнесу і права па адной спецыяльнасці — правазнаўства.

— Спачатку больш года сябравалі, — прызнаецца маладая. — Сустракаліся ў адной кампаніі. А потым цёплыя адносіны перараслі ў больш моцныя пачуцці. Мы розныя, але ў нас шмат кропак сутыкнення, аднолькавыя інтарэсы. Праз паўтара года прынялі абдуманае рашэнне ажаніцца.

Закаханыя адразу паведамілі бацькам, што плануюць распісацца без гасцей, не рабіць пышнае вяселле. Авось калі будуць вянчацца, маладыя паабяцалі: збяруць на свята ўсіх родных і сяброў. Усё гэта апраўдваецца жаданнем самім зарабіць сродкі на вяселле. Праз нейкі час іх планы абавязкова павінны здзейсніцца. А пакуль яны яшчэ студэнты, застаўся апошні навучальны год. Наперадзе чакае размеркаванне, але Анастасія і Андрэй не хвалююцца, бо пойдуць працаваць ужо разам.

— Апошнім часам мне вельмі падабаецца родная мова, — кажа малады муж. — Вабіць наша культура, традыцыі. Таму мы і вырашылі, каб рэгістрацыя шлюбу прайшла на беларускай мове. Прыемна, што мая каханая Насценька з ахвотай падтрымала гэтую ініцыятыву.

Цікавым было і тое, што маладыя выкарыстоўвалі ўпрыгожванні ручной работы з беларускім арнаментам: бабачка мужа і паясок жонкі. Няхай гэтыя рэчы стануць шчаслівымі ў доўгім сямейным жыцці Анастасіі і Андрэя.

http://www.gorkiv.by